У руках Рудольфа Дзмітрыева Псалтыр XVII ст
Ветэран педагагічнай справы з больш чым паўстагадовым стажам, адзін з самых актыўных краязнаўцаў Жлобіншчыны Рудольф Віктаравіч ДЗМІТРЫЕЎ (19.09.1940 – 18.03.2020) пакінуў аб сабе добрую памяць у сэрцах сваіх шматлікіх вучняў, аднадумцаў і паплечнікаў. Не адно дзесяцігоддзе з ім быў знаёмы і аўтар гэтых радкоў. І сёння мы раскажам пра гэтага чалавека ў рамках рэдакцыйнага праекта «100 яркіх лёсаў у гісторыі раёна», які прысвечаны векавому юбілею Жлобіншчыны.
Такім і запомніўся
З жыцця Рудольф Дзмітрыеў пайшоў раптоўна 18 сакавіка 2020 года ва ўзросце 80 гадоў. Гэта была вялікая страта для адукацыі, музейнай справы і краязнаўчага руху Жлобіншчыны.
Рудольф Віктаравіч увесь час быў, як кажуць, у любімай справе. Нават і ў пенсіённым узросце ён знаходзіўся на працоўным месцы: спачатку ў сценах гісторыка-краязнаўчага музея, потым у музеі гісторыі народнай адукацыі Жлобіншчыны ў СШ № 13 імя В. В. Гузава. Такім і запомніўся мне гэты чалавек.
«Усяго 3 капейкі»
Любоў да краязнаўства, да музейнай справы ў Рудольфа Дзмітрыева праявілася яшчэ ў дзяцінстве.
«Я вырас у шматдзетнай сям’і, – успамінаў Рудольф Віктаравіч. – Нас усіх дзяцей было васьмёра. Час быў цяжкі, толькі што скончылася вайна. Аднак бацькі клапаціліся пра наша культурнае выхаванне. Часта я хадзіў у мясцовы гісторыкакраязнаўчы музей, куды кошт білета складаў усяго 3 капейкі. А жылі мы тады на Алтаі – у Бійску. Музей гэты мне адразу спадабаўся. Пазней я пабываў у многіх іншых музеях, у тым ліку маскоўскіх і леніградскіх. Але бійскі застаўся для мяне самым лепшым».
«Дзядзя Кім»
Бацька Рудольфа Дзмітрыева, Віктар Рыгоравіч Дзмітрыеў (1914–1996), быў ваенным, змяніў не адно месца службы. За ім ездзіла і яго сям’я. Давялося Віктару Рыгоравічу і паваяваць з японцамі: спачатку ля возера Хасан у 1938 годзе, потым – у Карэі ў 1945-м. А пасля вайны ён быў назначаны памочнікам ваеннага каменданта ў Пхеньяне – сталіцы сучаснай Карэйскай НароднаДэмакратычнай Рэспублікі (КНДР).
«Туды бацька забраў і нас усіх, – расказваў Рудольф Дзмітрыеў. – У гэтым горадзе я пайшоў у першы клас школы, якая была адкрыта на тэрыторыі савецкага вайсковага гарнізона».
Аднойчы бацька падвёў сына да незнаёмага, сур’ёзнага на выгляд чалавека і сказаў: «Запомні, сынок, – гэта дзядзя Кім!» Так Рудольф пазнаёміўся з заснавальнікам і кіраўніком КНДР, Генеральным сакратаром ЦК Працоўнай партыі Карэі Кім Ір Сэнам (1912–1994). Пазней Рудольф Віктаравіч зразумеў, што сур’ёзнасць гэтага чалавека была выклікана не складам яго характару, а дзяржаўнымі турботамі.
Другая малая радзіма
Рудольф Дзмітрыеў скончыў Бійскі педінстытут і разам з жонкай Маяй Аляксандраўнай, з якой ён вучыўся ў адным вузе, быў накіраваны на працу настаўнікам у вясковую школу на Алтаі. А ў 1962 годзе, калі скончыўся тэрмін іх адпрацоўкі ў якасці маладых спецыялістаў, яны пераехалі ў Жлобін – на малую радзіму Маі Аляксандраўны. Так Жлобіншчына стала для Рудольфа Дзмітрыева другой малой радзімай.
Працаваў ён у сельскіх школах Жлобінскага раёна (Пірэвіцкай, Праскурнянскай, іншых) і ў гарадскіх (2-й, 7-й, 8-й, 13-й), праўда, з перапынкам у педагагічнай дзейнасці: калі наш герой узначальваў аддзел арганізацыйна-партыйнай работы райкама партыі і калі працаваў у гісторыка-краязнаўчым музеі.
Падчас працы педагогам Рудольф Дзмітрыеў стварыў у СШ № 8 музей памяці Героя Савецкага Саюза Васіля Казлова, у СШ № 2 – этнаграфічны музей, сярод экспанатаў якога ёсць нават косткі маманта, знойдзеныя ў нашым раёне. А ў 2007 годзе з яго ўдзелам ў СШ № 13 быў адкрыты музей гісторыі народнай адукацыі Жлобіншчыны, які Рудольф Дзмітрыеў узначальваў да апошняга дня свайго жыцця. Ён казаў: «Краязнаўства стала састаўной часткай майго жыцця і маёй педагагічнай дзейнасці, хаця я выкладаў не гісторыю, а рускую мову і літаратуру. Але многія мае ўрокі праходзілі ў сценах школьных музеяў».
Пры гэтым мой субяседнік зазначаў: «Што тычыцца музеяў, у стварэнні якіх мне даводзілася прымаць удзел, дык гэта, правільна будзе сказаць, – вынік калектыўных намаганняў. Вось і над стварэннем музея гісторыі народнай адукацыі Жлобіншчыны разам са мной працавалі многія настаўнікі 13-й школы, ветэраны педагагічнай працы з іншых навучальных устаноў».
Унікальны музей
Крыху раскажам пра музей гісторыі народнай адукацыі Жлобіншчыны, у адкрыцці якога пашчасціла прымаць удзел і аўтару гэтых радкоў. Тут сабрана звыш паўтары тысячы экспанатаў асноўнага фонду і звыш 600 – навукова-дапаможнага. Прадстаўленыя ў музеі дакументы ахопліваюць перыяд з 60-х гадоў XIX стагоддзя да нашых дзён. З іх дапамогай можна вывучаць не толькі гісторыю народнай адукацыі нашага раёна, але і айчыннай.
Многія з экспанатаў унікальныя. Да іх ліку, у прыватнасці, можна аднесці падручнікі, якія ўжо не будуць перавыдавацца, бо педагагічная думка не стаіць на месцы, іншую літаратуру. Можна адзначыць наступныя выданні: вучэбнік фізікі для сярэдняй школы, які ўбачыў свет у Маскве ў 1937 годзе (аўтары Г. Фалееў і А. Пёрышкін), трынаццатае выданне рамана Канстанціна Федзіна «Города и люди» (Ленінград, 1936), «Опыты над растительными гибридами» Г. Мендзеля (Масква – Ленінград, 1935), зборнік артыкулаў К. Маркса і Ф. Энгельса (Ленінград, 1929). Ёсць і больш старэйшыя выданні: «Рассказы для детей о земной жизни спасителя и Господа Бога нашего Иисуса Христа» (Масква, 1894), «Земля и люди» (Всеобщая география Элизе Реклю. Том V), выдадзеная ў 1898 годзе ў Санкт-Пецярбурзе, іншыя. Але самай старажытнай кнігай, якая захоўваецца ў нас, з’яўляецца Псалтыр, які быў надрукаваны аж у XVII стагоддзі. А трапіў ён у музей выпадкова. Кнігу здалі вучні ў макулатуру. Так Рудольф Дзмітрыеў знайшоў і іншыя рэдкія кнігі.
Вялікую цікавасць у гэтым музеі прадстаўляюць фотаздымкі выпускных класаў розных гадоў. Яны маюць дакладную дату выпуску класа, і на іх ёсць подпісы пад партрэтамі вучняў і іх настаўнікаў. А яшчэ экскурсанты падоўгу затрымліваюцца каля ліхтароў. Іх у музеі некалькі. І ўсе розныя. У дрэннае надвор’е, асабліва зімой у завіруху, іх вывешвалі на дзвярах школы, каб вучні здалёк бачылі, дзе знаходзіцца навучальная ўстанова.
Мікалай ШУКАНАЎ.
Фота з архіва «НД»
Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук", instagram, twitter, Telegram, YouTube