НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

Пачэснае месца ў ліку знакамітых ураджэнцаў Жлобіншчыны займае ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, пісьменнік Рыгор Добін

Яўрэі здаўна кампактна сяліліся на Жлобіншчыне. Да рэвалюцыі яны складалі значную частку насельніцтва мястэчка Жлобін, старажытнага Стрэшына, іншых мясцовых паселішчаў. Сярод яўрэяў было нямала талентаў, у іх ліку – пісьменнік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Рыгор (Гірш) ДОБІН (1905–2001). 10 чэрвеня спаўняецца 120 гадоў з дня яго нараджэння.

Нарадзіўся будучы пісьменнік у мястэчку Карпілаўка (з 1905 года ў складзе Жлобіна) у сям’і Ізраіля і Хаі Добіных. Сям’я была шматдзетнай. Яе галава ледзь зводзіў канцы з канцамі, прадаваўшы садавіну і хатнюю выпечку на базары. Разлічваць на грунтоўную адукацыю маленькі Гірш не мог: трэба было дапамагаць бацьку. Заставалася самаадукацыя. Хлопчык шмат чытаў, асабліва яго цікавіла гісторыя старажытнага Ізраіля. Так у Гірша Добіна і яго сяброў – сыноў Рабіновіча, уладальніка крамы, Давіда Хайкіна, братоў Гінзбургаў і яшчэ з дзясятак-паўтара маладых жлобінскіх яўрэяў – узнікла ідэя перасяліцца ў Палестыну. У 1922 годзе хлопцы заснавалі ў Жлобіне філіял сіянісцкага руху «Гехалуц». Гэта ішло насуперак савецкай палітыцы. Часта сустрэчы мясцовых сіяністаў заканчваліся налётамі камсамольцаў.

У 1924-м Гірш Добін у першы раз быў арыштаваны. Некалькі дзён давялося яму правесці ў Бабруйскай турме, дзе следчыя спрабавалі вывудзіць з хлопца інфармацыю пра сіянісцкую ячэйку, якая ўжо не існавала. Праз некалькі месяцаў карціна паўтарылася. Тады наш зямляк вырашыў пераехаць у горад Харкаў, першую сталіцу савецкай Украіны. Там яго чакала сур’ёзная жыццёвая драма. Ён збіраўся ажаніцца. Але яго каханая трапіла пад трамвай. Пасля смерці нявесты Гірш Добін вярнуўся ў Жлобін. У 1927-м ён зноў прыехаў у Харкаў. Там у наступным годзе ў мясцовай яўрэйскай газеце з’явілася яго першая літаратурная публікацыя, а ў 1931 годзе – зборнік «Арум а мілы» («Каля млына»).

На рускай мове наш зямляк публікаваў свае творы як Георгій (Рыгор) Добін. У тым жа годзе пісьменнік стаў бацькам: у яго з жонкай Кларай Шлафман нарадзіўся першынец. У 1934 годзе наш герой быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР.

У хуткім часе Гірш Добін вярнуўся з сям’ёй у Жлобін. Тут яму паступіла прапанова перабрацца ў Бірабіджан. На Далёкім Усходзе будавалася аўтаномная яўрэйская нацыянальная вобласць у складзе СССР. Гірш Добін стаў працаваць у газеце «Бірабіджанер Штэрн». У 1935 годзе выдаў аповесць «На Амуры». Свае ўражанні ад камандзіровак па яўрэйскай аўтаноміі пісьменнік надрукаваў у кнізе «Між вулляў». Ён напісаў п’есу «Бірабіджан». Але ў 1936-м Гірш Добін быў выключаны з кампартыі. У 1938 годзе яго разам з калегамі па творчым цэху, у тым ліку з рэдактарам газеты «Бірабіджанер Штэрн» С. Гольдэнбергам, арыштавалі. Невядома, чым бы ўсё скончылася, калі б не арышт былога генеральнага камісара дзяржбяспекі М. Яжова. Узбуджаныя ў яго бытнасць наркамам гучныя справы сталі пераглядаць. У выніку ў 1940-м групавая справа ў дачыненні да Гірша Добіна і яго калег таксама была спынена. У тым жа годзе пісьменнік вярнуўся ў Беларусь. Хутка быў запрошаны працаваць спецыяльным карэспандэнтам яўрэйскай газеты «Кастрычнік» у Беластоку (на той час гэта была частка савецкай Беларусі).

22 чэрвеня 1941 года Гірш Добін знаходзіўся з рэдакцыйным заданнем у Ваўкавыску. Каля двух тыдняў ён дабіраўся да беларускай сталіцы. Ды Мінск ужо быў захоплены фашыстамі. Пісьменнік быў арыштаваны і з цягам часу трапіў у створанае ў горадзе гета. Там уключыўся ў падпольную барацьбу. Пасля пабоішча 2 сакавіка 1942 года стала ясна: фашысты нікога ў жывых пакідаць у гета не збіраюцца. Адпраўка ў партызанскія атрады, з якімі яўрэям да таго часу ўдалося наладзіць сувязь, пайшла больш інтэнсіўна. 14 сакавіка 1942-га Гірш Добін стаў членам партызанскай брыгады «дзядзькі Васі», на чале якой стаяў адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў БССР Васіль Варанянскі. Прымаў удзел у баях. Але працягваў і пісаць – для партызанскіх зборнікаў, для штомесячнага літаратурна-мастацкага часопіса «Народны мсцівец», стаўшы членам яго рэдкалегіі.

Пасля вызвалення Беларусі Гірш Добін быў накіраваны ў распараджэнне Саюза пісьменнікаў СССР у Маскву. Адтуль яго мабілізавалі ў шэрагі Чырвонай арміі. Быў узнагароджаны ордэнамі Вялікай Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, медалём «Партызану Айчыннай вайны» I ступені, інш.

Пасля вайны Гірш Добін даведаўся, што яго жонка Клара і маленькі сын Ізя загінулі ў Беластоку. У Жлобіне была забіта яго сястра Сара з мужам, у Харкаве – сястра Зэлдэ з сям’ёй, на фронце загінуў брат Зяма. Дэмабілізаваўшыся, пісьменнік паехаў у падмаскоўныя Люберцы, дзе ажаніўся ў другі раз. Працягваў актыўна пісаць. У 1947 годзе выдаў кнігу апавяданняў «Ойф вайсрусішэр эрд» («На беларускай зямлі»), у якой распавядаў пра сваё знаходжанне ў гета і барацьбу з нацыстамі ў складзе партызанскага атрада. Аднак неўзабаве яму, як і многім яго калегам, прыйшлося спыніць творчасць. Пачалася барацьба з касмапалітызмам.

Пахаваўшы другую жонку, без сталай працы Гірш Добін застаўся з двума дзецьмі на руках. Аднойчы на станцыі ў Харкаве ён сустрэўся з сястрой першай жонкі Тубай і яе дачкой Леяй Сулькінай, якая стала маці для яго дзяцей.

Пасля смерці Сталіна Гірш Добін зноў пачаў зарабляць пяром. У 1958 годзе Добіны пераехалі ў Маскву. Свае творы пісьменнік публікаваў у часопісе «Советиш Геймланд» і ў замежнай яўрэйскай прэсе. Выйшлі яго чарговыя кнігі: зборнік «У патоку часу», раман «Моц жыцця» (на рускай мове, пазней – на ідыш), інш. У 1992-м Гірш Добін з роднымі пераехаў у Ізраіль, дзе і памёр. У тым жа годзе быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Ізраіля.

У Жлобінскім гісторыкакраязнаўчым музейным комплексе захоўваецца адна з кніг Рыгора Добіна – зборнік «Рассказы», які ўбачыў свет у Маскве ў 1977 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» (у перакладзе на рускую мову). Гэтую кнігу згаданай установе культуры падараваў сябар пісьменніка, таксама ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, жлабінчанін Барыс Гельфанд. У адным з апавяданняў зборніка – «Наперадзе – усё жыццё» – распавядаецца пра трагічны лёс жлобінскіх яўрэяў у гады акупацыі. Падзеі ў творы развіваюцца ранняй вясной 1945 года, калі яшчэ ішла вайна. Жлобін ляжаў разбураны. Але жыццё ў ім пачынала адраджацца. Дэмабілізаваны з дзеючай арміі па раненні старшыня танкавай роты Зэлік Фундатэр вяртаецца ў родны горад. Тут ён, нягледзячы на адмоўныя вынікі папярэдніх пошукавых запытаў, спадзяецца адшукаць сваю сям’ю. Але яго надзеям не суджана было збыцца. Як жа быць далей? Як жыць? Гэтыя пытанні як распаленым жалезам апякаюць душу Зэліка. Простую і ў той жа час выратавальную параду дае яго сябар Барыс, які сам перажыў нямала гора. «Нічога новага не прыдумаеш, Зэлік, – кажа сябар. – Трэба жыць. Трэба працаваць…»

За цяжкай штодзённай працай у Зэліка пачалі загойвацца душэўныя раны. Неўзабаве лёс зводзіць яго з настаўніцай Нехамай, якая выхоўвала сірату Лілію. Дзяўчына ад перажытага ў вайну перастала верыць у жыццё. Зэліку і Нехаме давялося прыкласці шмат намаганняў, каб дапамагчы ёй зноў адчуць радасць жыцця. На гэтай ноце і заканчваецца апавяданне, якое стала своеасаблівым сімвалам пераможнасці жыцця над смерцю.

Мікалай ШУКАНАЎ

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegramYouTube