
1988 г. (Дзень Святой Троіцы): протаіерэй Канстанцін Манько (у цэнтры) з прыхаджанамі Жлобінскага Свята-Троіцкага храма.
Сёння, 9 кастрычніка 2026 г., спаўняецца 25 гадоў з таго моманту як пайшоў у вечнасць мітрафорны протаіерэй Канстанцін Аляксандравіч МАНЬКО (1923–2001), лёс якого быў цесна звязаны са Жлобіншчынай.
Ён жыў паводле Святога Пісання, у якім сказана, што сапраўдны хрысціянін гатовы «пакласці душу сваю за бліжняга свайго». Таму будучы святар, калі прыйшоў час, узяў у рукі зброю, каб змагацца з ворагам. Як удзельнік Вялікай Айчыннай вайны а. Канстанцін меў узнагароды: ордэн Айчыннай вайны II ст., медаль «За перамогу над Германіяй….».
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, сям'я Канстанціна Манько, якая пражывала ў Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці, апынулася ў акупацыі. І толькі пасля вызвалення родных мясцін (у 1944 г.) будучы святар быў прызваны ў дзеючую армію. Трапіў на адзін з самых цяжкіх франтоў – Другі Украінскі. У складзе кавалерыйска-стралковай часці яму давялося вызваляць Чэхаславакію, удзельнічаць у баявых дзеяннях у Венгрыі. Асабліва цяжка прыйшлося ў Чэхаславакіі, дзе немцы, выкарыстоўваючы гарыстую мясцовасць, упарта сапраціўляліся. «Умовы вядзення баявых дзеянняў у Чэхаславакіі мелі свае асаблівасці, – успамінаў а. Канстанцін. – З-за прыроднага ландшафту не было выразна пэўнай лініі фронту. Часта, пасля таго як мы ноччу займалі чарговую вёску, раніцай высвятлялася, што наша падраздзяленне знаходзіцца ў асяроддзі ворага. Даводзілася з баямі прабівацца да сваіх».
На вайну Канстанцін Манько ішоў глыбока веруючым чалавекам, спадзяючыся на волю Божую. Да апошніх дзён свайго жыцця ён беражліва захоўваў пашкоджаныя часам дзве кніжыцы: Святое Евангелле і Псалтыр. З імі ён прайшоў праз усе ваенныя выпрабаванні. «Гэтыя кнігі падтрымлівалі мяне ў самыя цяжкія хвіліны», – распавядаў а. Канстанцін.
І атрыманныя цяжкае раненне ў нагу і кантузію а. Канстанцін успрыняў як праяву Божага промыслу. А раненне ён атрымаў 10 студзеня 1945 г. У гэты дзень і скончылася для яго вайна. Пасля былі доўгія тыдні лячэння ў шпіталі, затым зноў служба – у Будапешцкім гарнізоне (да самай дэмабілізацыі ў 1947 г.).

Канстанцін Манько пад час вайсковай службы і ў апошнія гады жыцця.
У лютым 1947 г. франтавік вярнуўся ў родную вёску. У 1952 г. паступіў у Мінскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1956 г. У 1954 г. быў пасвечаны ў сан дыякана, у 1955 г. – у іерэя. Месцам першага служэння а. Канстанціна было мястэчка Круглае на Магілёўшчыне. Затым (па чарзе) – вёскі: Хатляны Мінскай вобласці, Дудзічы Чачэрскага раёна, Кашэвічы Петрыкаўскага раёна. А 24 мая 1972 г. а. Канстанцін узначаліў Жлобінскі Св.-Тротцкі прыход, дзе праслужыў да 27 лістапада 1991 г. За стараннае пастырскае служэнне быў адзначаны царкоўнымі ўзнагародамі: санам протаіерэя, Патрыяршая граматай, мітрай (галаўны службовы ўбор, які нагадвае царскую карону). Але ўсе гэтыя знакі ўвагі да сябе а. Канстанцін прымаў без ганарлівай мітусні. Для яго жаданай была толькі адна ўзнагарода – пропуск у Царства Божае.

Айцец Канстанцін з духавенствам, царкоўнаслужыцелямі і манашкамі (Жлобін; 2001 г.).

Былы Свята-Троіцкі храм у Жлобіне, у якім служыў а. Канстанцін (сёння – перабудаваны пад храм у гонар Свяціцеля Васілія Вялікага).
Усё сваё жыццё а. Канстанцін павышаў адукацыйны ўзровень. Ён не абмежаваўся адной духоўнай семінарыяй. Завочна скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію, стаў кандыдатам багаслоўя. А яшчэ пісаў духоўныя вершы, павучэнні. Частка з іх была надрукавана ў 1990-я гады ў жлобінскіх газетах.

1974 г.: чарговы выпуск у Маскоўскай Духоўнай акадэміі (а. Канстанцін першы злева ў другім радзе).

Айцец Канстанцін нёс слова Божае і праз паэтычную творчасць.
Айцец Канстанцін не ведаў раскошы, абыходзіўся самым неабходным, але пры гэтым быў гатовы аддаць кожнаму апошняе. Памяць аб ім засталася ў сэрцах многіх жлабінчан.
Мікалай ШУКАНАЎ, духоўнае чада а. Канстанціна.
Фота аўтара і з архіва сям’і а. Канстанціна.
Да ведама: сёння ў Жлобінскім храме Свяціцеля Васілія Вялікага пасля Літургіі адбудзецца паніхіда, пад час якой вернікі будуць маліцца і за а. Канстанціна.
Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук", instagram, twitter, Telegram.






















