НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

Са старога, пажаўцелага ад часу фотаздымка з-пад густых суровых броваў на мяне глядзяць вочы зусім незнаёмага, але такога роднага мне чалавека – майго прадзеда Яўхіма Аляксеевіча Драбышэўскага…

Я разважаю пра тое, колькі жахаў бачыў гэты радавы салдат са звычайнай беларускай вёскі за дзевяць гадоў ваеннай службы. Яго вочы сталі сведкамі смерці ў часы Савецкафінскай вайны, калі таварышы гінулі не толькі ад куль, але і ад маразоў. Яны бачылі спаленыя вёскі, забітых гітлераўскімі катамі жанчын і дзяцей, пакалечаных аднапалчан у гады Вялікай Айчыннай вайны. Перад імі прайшлі смерці салдат ад холаду і голаду на Чукоцкім паўвостраве.

Але не толькі гора бачылі гэтыя вочы. Пасля вайны мой прадзед вярнуўся ў сваю вёску. На яго вачах аднавяскоўцы ўзнімалі гаспадарку, адбудоўвалі спаленыя немцамі хаты, школу. Ён бачыў, як выраслі і памужнелі сыны, нарадзіліся ўнукі. Мусіць, прайшоўшы праз такія выпрабаванні, чалавек разумее кошт звычайнага мірнага жыцця.

Мінула шмат гадоў… І вось я кожны Дзень Перамогі з партрэтам свайго прадзеда ў руках з гонарам крочу па галоўнай вуліцы нашага горада. Вакол мяне шмат людзей з кветкамі і паветранымі шарамі, аднекуль далятаюць словы з вядомай песні «Гэты Дзень Перамогі!», адчуваецца пах бэзу, а нада мною прасціраюцца бяскрайнія нябёсы…

Хочацца верыць, што адтуль, з блакітнай вышыні, з-пад густых суровых броваў на сваю праўнучку з лагодай глядзяць вочы зусім незнаёмага, але такога роднага чалавека.

Я звяртаюся да вас, мае сучаснікі. Зазірніце ў вочы сваіх прадзедаў, якія глядзяць на вас з пажаўцелых фотаздымкаў. Яны бачылі шмат пакут і жахаў вайны. Магчыма, тады вы, як і я, зможаце ў поўнай меры адчуць і ўсвядоміць, якое гэта шчасце – жыць пад мірным небам.

Палiна ЖЫТНЯКОЎСКАЯ,

вучаніца 8-га класа гiмназiі № 1.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegramYouTube